Итоги субботы в Центре!
Раённы этап абласнога конкурсу экалагічных газет "Прырода і мы"
У актавай зале гімназіі № 1 горада Дзятлава прайшоў раённы этап абласнога конкурсу экалагічных газет "Прырода і мы" ў межах тэматычнай занальнай суботы. У час мерапрыемства свае газеты прадставілі ўдзельнікі дзевяці аб'яднанняў па інтарэсах эколага-біялагічнага профілю і гурткоў "Юны журналіст" з васьмі ўстановаў адукацыі Дзятлаўшчыны. Асноўным патрабаваннем для школьнікаў было -- змясціць у сваім выданні матэрыялы экалагічнай тэматыкі, якія адлюстроўваюць удзел навучэнцаў у прыродаахоўнай дзейнасці, акцыях, конкурсах, канферэнцыях, алімпіядах па біялогіі.
У склад журы конкурсу ўвайшлі метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г. Дзятлава па эколага-біялагічным профілі В. М. Саўко, настаўніца біялогіі СШ №3 г. Дзятлава А. Я. Стракоўская, настаўніца біялогіі гімназіі №1 г. Дзятлава В. Г. Багдановіч, карэспандэнтка раённай газеты "Перамога" І. Л. Стырнік.
Першымі фотапрэзентацыю сваёй экалагічнай газеты "Нататкі Старога Дзятла" прадставілі наведвальнікі гуртка "Юны журналіст" СШ №1 г. Дзятлава (кіраўнік В. М. Старыкава). Прысутныя даведаліся, што матэрыялы вучняў друкуюцца пад рубрыкамі "Экалагічныя навіны", "Сёння ў нумары", "Пісьмо рэдактара", "Экалагічныя акцыі", "Свет вакол нас". Юныя карэспандэнты цікавяцца падзеямі, якія адбываюцца ў райцэнтры, расказваюць пра прыродаахоўную дзейнасць сваіх сяброў па ўстанове адукацыі. У першым нумары газеты рэдактар Аляксей Пацыновіч патлумачыў, чаму школьнікі звярнуліся да экалагічнай тэмы, раскрыў сакрэт назвы выдання. Па яго словах, дзяцел -- гэта санітар лесу і сімвал нашага горада.
Як ідуць справы ўдзельнікаў Лявонавіцкага школьнага лясніцтва, што добрага паспелі зрабіць дзеці для роднай прыроды, у сваім "Экалагічным весніку" расказалі навучэнцы Лявонавіцкага д/с-БШ.
Газета "Прырода і мы" -- экалагічны праект юных журналістаў Гезгалаўскай СШ. Яны ведаюць як сэканоміць электраэнергію, выкапаць бульбу, зрабіць прыгожыя ружы з восеньскіх лісцяў, пасадзіць кветкі.
У рамках праекта "Зялёная школа" працуюць педагогі і навучэнцы Казлоўшчынскай СШ. Школьная газета "Эка-Інформ" расказвае пра экалагічныя акцыі, дэсанты, тыдні. Настаўніца Ала Іванаўна Пякарская праславіла ўстанову адукацыі за мяжой і трапіла на семінар у Фінляндыю (педагог і навучэнцы занялі 9-е месца ў міжнароднай алімпіядзе па пасадцы дрэваў).
Прачнуўся раніцай, памыўся, прывёў сябе ў парадак -- і адразу ж прывядзі ў парадак сваю планету, -- казаў Маленькі Прынц, герой сусветна вядомага пісьменніка Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. Гэты выраз стаў дэвізам аб'яднання па інтарэсах "Прырода ў горадзе" гімназіі №1 г. Дзятлава. Іх газета "Эка-Vita" выдаецца штомесяц, кожны выпуск прысвечаны якой-небудзь тэме. Гімназісты ўжо напісалі аб зборы другаснай сыравіны, камнях-легендах Дзятлаўшчыны, праекце выпускніцы Дашы Вырко, які быў адзначаны "бронзай" на алімпіядзе ў Інданэзіі, агітацыі за здаровы лад жыцця.
Яшчэ адна каманда гімназістаў прадставіла сваю газету "Зялёны дом", у якой юныя журналісты заклікалі моладзь аб'яднацца, каб не разбурыць наш агульны дом --прыроду. Яны пішуць артыкулы на злобу дня, напрыклад, "Экалагічная катастрофа" -- аб забруджванні паветра, а таксама эсэ, вершы, удзельнічаюць у конкурсах, акцыях і ўжо сталі пераможцамі ў міжнародным конкурсе "Energy Globe" з праектам "Школа энергазберажэння".
Навучэнцы Круцілавіцкага д/с-СШ у сваёй экалагічнай газеце "Зямля -- наш агульны дом" друкуюць інтэрв'ю з цікавымі людзьмі, рэпартажы з месца падзей, вынікі апытанняў, аповеды чытачоў, крыжаванкі, малюнкі, спробы пяра.
Самыя юныя ўдзельнікі конкурсу экалагічных газет -- навучэнцы Жукоўшчынскага д/с-СШ -- у сваёй газеце "Прырода вакол нас" расказалі аб прыродзе роднага куточка, экалагічнай сцяжынцы пра якую клапоцяцца і па якой любяць падарожнічаць.
Іх старэйшыя сябры з СШ №3 горада Дзятлава прадставілі выданне "Эка-Таймс", дзе ёсць старонка чырвонай кнігі, рэпартажы, падборкі навін, карысныя парады і рубрыка "Угадай-ка" для самых маленькіх.
Журы было складана вызначыць пераможцу, бо ўсе школьныя газеты аказаліся цікавымі і змястоўнымі. Аднак пасля невялікага перапынку, у час якога ладзіліся экалагічныя віктарыны і прагучаў музычны падарунак ад гімназісткі Аляксандры Цыгель, вынікі былі падведзены.
Дыплом за першае месца атрымалі наведвальнікі гуртка "Юны журналіст" СШ №1 г. Дзятлава. Другое месца падзялілі ўдзельнікі аб'яднання па інтарэсах "Прырода ў горадзе" гімназіі №1 г. Дзятлава і навучэнцы Казлоўшчынскай СШ. На трэцяй пазіцыі замацаваліся юныя журналісты Гезгалаўскай СШ, ўдзельнікі аб'яднання па інтарэсах "Прырода ў горадзе" СШ №3 г. Дзятлава, навучэнцы Круцілавіцкага д/с-СШ.
Дыпломам у намінацыі "За беражлівыя адносіны да прыроды малой радзімы" ўзнагароджаны навучэнцы Жукоўшчынскага д/с-СШ; у намінацыі "За ўклад у захаванне лясных багаццяў" -- Лявонавіцкія школьнікі; у намінацыі "За самыя злабадзённыя рэпартажы" -- гімназісты -- аўтары газеты "Зялёны дом".
Метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г. Дзятлава І. А. Мішчанка падзякавала школьнікам за цікавыя праекты і пажадала раённым пераможцам далейшых поспехаў.
І. ЛЕАНІДАВА