Паседжанне раёнага клуба "Сучаснік" па тэме "ЗАДУМАЙСЯ СЁННЯ АБ ЗАЎТРАШНІМ ДНІ"
Моладзь - супраць наркотыкаў!
"ЗАДУМАЙСЯ СЁННЯ АБ ЗАЎТРАШНІМ ДНІ"
У актавай зале Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава прайшло пасяджэнне "Круглага стала" па тэме "Задумайся сёння аб заўтрашнім дні". Удзельнікі клуба "Сучаснік", які працуе на базе Цэнтра, і яго кіраўнік, метадыст па рабоце з дзіцячымі і моладзевымі арганізацыямі і аб'яднаннямі І. А. Мішчанка, навучэнцы і педагогі абмеркавалі праблему наркаманіі, як антысацыяльную з'яву, засяродзілі ўвагу на небяспечных наступствах, якія могуць адбыцца ўжо пасля першага ўжывання наркотыкаў. У якасці экспертаў за "Круглы стол" былі запрошаны валеолаг Дзятлаўскага райЦГЭ Н. І. Юрэня, першы сакратар раённага камітэта ГА "БРСМ" А. С. Чурай, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. З. Пазняк, сацыяльны педагог Казлоўшчынскай сярэдняй школы Н. М. Гародка. Удзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з праблемай нарказалежнасці ў Рэспубліцы Беларусь і на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, статыстыкай па ўжыванні наркотыкаў падлеткамі да 18 гадоў, моладдзю ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў, даведаліся аб прычынах, якія вядуць да ўжывання наркотыкаў. Таксама дзеці і дарослыя прынялі ўдзел у тэсціраванні, у час якога праверылі, наколькі поўна яны знаёмы з праблемай, каб абараніць сябе ад памылак. Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі, якую небяспеку для соцыуму тояць наркотыкі, што падштурхоўвае нарказалежных да ўчынення злачынстваў і правапарушэнняў. Прынялі ўдзел у трэнінгу - пабылі ў ролі марыянетак і лялькаводаў, каб высветліць, ці прыемна быць бязвольным, кіруемым чалавекам. Пасля гэтага разыгралі псіхалагічныя сітуацыі, у якіх патрэбна было выказаць катэгарычнае "не" свайму апаненту, які агітаваў пакаштаваць наркотык або паўдзельнічаць у яго вырабе ці распаўсюджванні. Разам паглядзелі мультымедыяпрэзентацыю "Выбар за табою" - споведзь дзяўчыны, якая прайшла курс лячэння ад нарказалежнасці. Школьнікі і дарослыя з вялікім задавальненнем вырабілі з паперы жураўлікаў -сімвалы чысціні і здароўя, абароненых ад наркотыкаў, курэння, алкаголю - і хорам заявілі: "Мы выбіраем жыццё". Аб негатыўным уплыве наркотыкаў на жыццё і здароўе чалавека з пункту гледжання медыцыны расказала валеолаг райЦГЭ Н. І. Юрэня. Моладзевы лідар А. Чурай патлумачыла, як распазнаць наркамана па знешнім выглядзе і паводзінах. Выказацца па праблеме кожнага з вучняў заклікала метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. З. Пазняк. Напрыканцы мерапрыемства школьнікі зазначылі, што пасля ўсяго, што пачулі за "Круглым сталом", яны гатовы сказаць катэгарычнае "не" наркотыкам і ўпэўнена крочыць у заўтрашні дзень.
І. КАЎКЕЛЬ