Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

ПРАЕКТЫ ШКОЛЬНІКАЎ ЗАЦІКАВІЛІ ГАСЦЕЙ

Дата: 25 марта 2016 в 20:04
434 просмотра

24 сакавіка 2016 года ў актавай зале Цэнтра творчасці дзяйцей і моладзі горада Дзятлава ў форме круглага стала прайшло пашыранае пасяджэнне Дзіцячай палаты, Гарадскога піянерскага штаба раённага савета ГА «БРПА», пярвічак ГА «БРСМ». Абмяркоўвалі тэму «Забеспячэнне пераемнасці ў дзейнасці піянерскіх дружынаў і пярвічак ГА «БРСМ» па рэалізацыі праектаў сацыяльна значнай дзейнасці».

У госці да школьнікаў Дзятлаўшчыны ў якасці экспертаў завіталі сакратар цэнтральнага камітэта ГА "БРСМ" Дзмітрый Варанюк, выконваючая абавязкі першага сакратара Гродзенскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Эліна Брага, другі сакратар Гродзенскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Дзяніс Чарняк, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка, першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Анастасія Чурай.

Старшыня раённага савета піянераў, метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі па рабоце з дзіцячымі арганізацыямі і аб'яднаннямі Ірына Мішчанка патлумачыла, што школьнікі і эксперты сабраліся за круглым сталом, каб абмеркаваць некалькі сацыяльна значных праектаў і падумаць, як узняць работу над праектамі, іх рэалізацыю на больш высокі якасны ўзровень.

Каб зразумець, як гэта найлепш зрабіць, прысутныя паслухалі выступленне начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. Калодка. Наталля Яўгенаўна расказала аб выніках аналізу сітуацыі ў моладзевым асяроддзі раёна і перспектывах развіцця моладзевага руху на Дзятлаўшчыне.

Школьнікі прадставілі свае лепшыя праекты па некалькіх накірунках. Аб ролі саюзнай моладзі і піянераў у рэалізацыі Плана Года культуры расказала навучэнка СШ №1 г. Дзятлава Вікторыя Каракулька, прадстаўляючы праект «Моладзь. Культура. Маральнасць». Праблему выкарыстання ІТ-тэхналогій закранула навучэнка Гезгалаўскай СШ Ангеліна Басай, якая пазнаёміла прысутных з сецявым праектам «Праспект Піянерыі». А навучэнцы СШ №3 г. Дзятлава меркавалі, як змагацца з негатыўнымі з'явамі ў моладзевым асяроддзі, і ў іх нарадзілася ідэя праекта «Караоке-клуб «Продвижение». Яго прадставіла Ілона Герасімовіч.

Калі ўсе праекты былі прадстаўлены, школьнікі падзяліліся на групы, каб прааналізаваць кожны з іх: значнасць, плюсы і мінусы, дадатковыя шляхі рэалізацыі. А Ірына Мішчанка звярнулася да экспертаў з просьбай пракаменціраваць пачутае.

Дмітрый Варанюк:

Праекты цікавыя, праблемы актуальныя. Некалькі словаў аб кожным. Праект «Моладзь. Культура. Маральнасць». Спадабаліся новыя формы: «лонгмоб», «BTL-агенцтва» -гэта вельмі цікава, будзем выкарыстоўваць і ў рэспубліцы. Аднак ініцыятывы немагчыма рэалізаваць без сродкаў. Пры рэалізацыі этапаў праекта, падумайце, каго збіраецеся запрасіць на дапамогу. Ідэя выдатная, таму важна ўлічыць усе дробезі, каб яе ажыццявіць. Вам спатрэбіцца дапамога адміністрацыі школы, аддзела адукацыі, спорту і турызму, гісторыкаў.

Што тычыцца сецявога праекта «Праспект Піянерыі», абавязкова называйце электронны адрас блога. Калі рэкламуеце інтэрнэт-рэсурс, надрукуйце на лісточках ссылкі і раздавайце іх.

Радуе, што праект «Караоке-клуб «Продвижение» забаўляльна-адукацыйны. Проста адпачываць можа кожны, важна пры гэтым чаму-небудзь вучыцца. Вам можна арганізоўваць тэматычныя вечарыны: конкурс ваенных песень, конкурс моладзевых песень, іншыя конкурсы. Дарэчы, пускаць у клуб варта не кожнага. Трэба, каб пропуск туды заслугоўвалі, каб гэта быў папулярны брэндавы клуб.

Эліна Брага:

У год культуры вы ўвайшлі з дэвізам «Быць культурным - модна і сучасна». Мы упэўніліся, наколькі вы таленавітыя і плённа ўзаемадзейнічаеце з педагогамі і кіраўніцтвам раёна. Гэта сведчыць аб тым, што культура адносінаў у вас ужо сфарміравана. Мы парадаваліся, што ў вас столькі фантазіі, вы вельмі начытаныя, адшукалі нестандартныя падыходы да работы ў інтэрнэт прасторы, пры  арганізацыі вольнага часу. Я лічу, што праект «Моладзь. Культура. Маральнасць» абавязкова павінен стаць удзельнікам конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Сецявы праект «Праспект Пянерыі» варта развіваць і папоўніць фактамі аб ГА «БРСМ». На Дзятлаўшчыне ёсць чаму павучыцца, і мне будзе аб чым расказаць сваім калегам у вобласці.

Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі праекты, кожны меў магчымасць падзяліцца свімі думкамі, ідэямі, прапановамі. Вынікі круглага стала падвёў сакратар цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Дзмітрый Варанюк:

Сёння мне пашчасціла пазнаёміцца з таленавітымі маладымі людзьмі. Мы шмат гаварылі аб ініцыятыве. Ініцыятыва - той праваднік, які усё жыццё будзе дапамагаць вам рухацца наперад. Толькі дзякуючы ёй ваша жыццё будзе цікавейшым і прыгажэйшым. Не саромейцеся праяўляць ініцыятыву, заяўляйце пра сябе. Не губляйце свае таленты лідараў, і вы зможаце ў любы час у любой сітуацыі арганізаваць людзей на добрыя справы.

І. КАЎКЕЛЬ, карэспандэнт раённай газеты “Перамога"

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.