Дзятлаўшчына маладая. Што цікавіць дэпутатаў моладзевага парламента?
У Дзятлаўскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прайшоў адкрыты анлайн-дыялог “Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь” з дэпутатамі моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў. Інтэрнэт-мост з юнымі парламентарыямі Дзятлаўшчыны ладзіла каардынатар дзейнасці моладзевага парламента Ірына Мішчанка, у якасці галоўнага эксперта ў студыю быў запрошаны старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.
– Адкрыты дыялог – гэта маштабны праект Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, у рамках якога падрастаючаму пакаленню на дыскусійных пляцоўках даецца магчымасць узнімаць самыя вострыя праблемы і задаваць хвалюючыя пытанні грамадскім дзеячам, прадстаўнікам органаў улады, а таксама прапаноўваць уласныя ідэі і праекты для ўвасаблення іх у жыццё, – задала тон размове Ірына Анатольеўна. Яна расказала ўдзельнікам анлайн-форуму, што Аляксандр Бараноўскі быў у ліку дэлегатаў Дзятлаўшчыны на сёлетнім Пасланні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і папрасіла госця расказаць аб сваіх уражаннях ад гэтай важнай дзяржаўнай падзеі. Аляксандр Станіслававіч падрабязна спыніўся на галоўных тэзісах Паслання, апісаў атмасферу, якая панавала на рэспубліканскай сустрэчы. Наступнай важнай палітычнай падзеяй, якая не пакінула раўнадушнымі дэпутатаў моладзевага парламента, стаў рэспубліканскі рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Юныя парламентарыі задалі эксперту свае пытанні на гэты конт. Маладыя дэпутаты цікавіліся: якія асноўныя гарантыі прапісаны ў абноўленым праекце Канстытуцыі? Чаму ў Галоўны дакумент унесена палажэнне аб захаванні гістарычнай памяці? Наколькі важна, што Усебеларускаму народнаму сходу надаецца статус канстытуцыйнага органа? Што такое адзіны дзень галасавання? Якую ролю ў працэсе развіцця нашай краіны іграюць моладзевыя арганізацыі і парламент?
Старшыня раённага Савета дэпутатаў адказаў на кожнае з іх змястоўна і цікава.